Тэатралізаванае дзеяннне "У госці да восені"
У госці да восені
Тэатралізаванае дзеяннне
Мэта: пазнаёміць дзяцей з адлюстраваннем восеньскіх з'яў у народным календары і творах мастацтва, у цікавай форме даць звесткі аб звычаях, абрадах, святах (Багач, Узвіжанне, Пакроў) беларускага народа.
У сцэнарыі прыводзяцца народныя прыкметы, загадкі, скорагаворкі, заклічкі, гульні, песні, карагоды, выкарыстаны вершы беларускіх паэтаў.
Абсталяванне і рэквізіт:
Магнітафон. Магнітафонныя запісы: П. Чайкоўскі. "Поры года. Верасень. Кастрычнік. Лістапад";
песня "Карагод Агародніны" (сл. Э. Агняцвет, муз. А. Рэмізоўскай);
песня "Залатыя каласкі" (сл. Біленкі, муз. Загруднага);
восеньская песня журавоў;
песня. "Дожджык" (сл. А. Дзеружынскага, муз. I. Папова).
Сявенька з зернем і васковай свечкай пасярэдзіне. Два снапы жыта, сноп ільну. Стужкі, жытнёвыя каласы. Ручнік, белы абрус. Жытнёвы хлеб. Бульба, агародніна. Кошык, торбачка. Апалае лісце. "Беларускі народны каляндар" на штатыве.
Афармленне залы (сцэны):
На заднім плане—дрэвы ў восеньскім убранні. Злева—беларуская хата. Дзве сцяны прыбраны кляновым лісцем. Каля святога покуту жытнёвыя снапы, сноп ільну. Стол засцелены белым абрусам. На стале сявенька з зернем і васковай свечкай пасярэдзіне, жытнёвы хлеб, бульба, агародніна.
У цэнтры на штатыве "Беларускі народны каляндар".
У дзеянні прымаюць удзел дзеці сумесна з дарослымі
Дзеючыя асобы:
Восень.
Верасень.
Кастрычнік.
Лістапад.
Жытнёвы Каласок.
Жыцень—трохвокая маларослая істота, у гадах, з суровым выразам твару, калматая. У продкаў беларусаў быў увасабленнем восені.
Жоравы.
Шызая галачка "з ключамі ад лета".
Цар-змей (Цар-вуж)—вялікі змей з серабрыстай луской на скуры і залатой каронай на галаве. Світа Цара-змея—вужакі, іншыя змеі, яшчаркі.
Дзеці ў беларускім нацыянальным адзенні.
З'яўляецца Восень.
Восень. Добры дзень, мае сябры. На гэты раз я прынесла вам беларускі народны каляндар. Ён пазнаёміць вас са звычкамі, прыкметамі, павер'ямі, гульнямі беларускага народа. Сёння мы даведаемся з вамі пра чароўныя старажытныя святы, але, перш чым адкрыць каляндар, я жадаю пачуць, што вы ведаеце пра восень. Прымаўкі ведаеце?
Дзеці. Так!
Восень. Назавіце, калі ласка.
Дзеці. Увосень і верабей сыты. Увосень і грач багач. Увосень за стол просім і інш.
Восень. А ці ведаеце вы асеннія прыкметы? Хаця б вось такую. Што будзе, калі ў верасні лісце на дрэвах трымаецца моцна, амаль не ападае?
Дзеці. Калі на працягу верасня лісце на дрэвах трымаецца моцна—зіма няскора прыйдзе.
Восень. Малайцы! Цяпер я адкрываю першую старонку календара. (Чытае.)Верасень.
Гучыць музыка П. Чайкоўскага "Поры года. Верасень".
З'яўляецца Верасень.
Верасень. А вось і я! Дзеці, а ці ведаеце вы, што абазначае беларуская назва месяца? Не ведаеце? Тады сядайце зручна і ўважліва слухайце. Ёсць у сасновым лесе невысокая расліна з маленькімі лілова-ружовымі кветачкамі—верас. Верас расце нізка, уецца па ўзлеску, цвіце ранняй восенню. Адсюль і назва першага месяца восені. Давайце разам скажам: Ве-ра-сень.
Верасень. А зараз я загадаю вам загадкі.
Вясна прыгрэе – кажух надзене,
Зіма наступае – кажух скідае.
(Дрэва і лісце)
Усе паны паскідалі жупаны,
Толькі тры у жупанах стаяць.
(Сасна, елка, ядловец)
Ніколі шапкі не здымае,
Бо ні адной рукі не мае.
(Грыб)
Верасень. Шмат ведаеце вы пра месяц верасень. Але пра мяне яшчэ так гавораць: "Халодны верасень— ды сыты". Як вы думаеце, чаму так гавораць?
Дзеці. Таму, што восенню збіраюць ураджай садавіны і агародніны, запасаюцца на ўсю зіму.
Верасень. Дык, можа, вы пра ўраджай якую-небудзь песню ведаеце?
Дзеці. Так!
Гучыць песня "Карагод Агародніны ".
Верасень (пераварочвае ліст календара).
Пасля заканчэння збору ўраджаю адзначаецца старажытнае свята—Багач, Багатнік. Яно праводзіцца 21 верасня.
На гэты дзень і сама хата
Была прыбрана зухавата:
Памыты лавы, стол, падлога.
А каля покута святога
Дзве сцены клёнамі прыбраны.
Абрусам белым стол засланы.
Восень "прыбірае хату ".
Верасень. Сімвалам свята была сявенька з зернем і васковай свечкай пасярэдзіне (паказвае дзецям). З ёю сяляне абыходзілі двары, потым пакідалі ў хаце да наступнага ўраджаю.
Дзеці з сявенькай "абыходзяць двары ".
З'яўляецца Жытнёвы Каласок з хлебам.
Жытнёвы Каласок. Добры дзень, шаноўныя людзі!
Восень. Хто гэта? Дык гэта ж Жытнёвы Каласок тут як тут!
Жытнёвы Каласок.
Бачу народу багата.
Пэўна ж, тут нейкае свята.
А убор мой зрэбны, не новы.
А хлеб мой просты, жытнёвы.
Ды без хлеба
I хата не хата,
I свята не свята,
I поле не поле,
I доля не доля...
Восень. А нашы дзеці пра залатыя каласкі песню ведаюць.
Гучыць песня "Залатыя каласкі" (сл. Біленкі, муз. Загруднага).
Жытнёвы Каласок. Добра! А хто адгадае вось такую загадку:
Шануюць мяне, паважаюць
I хлебам другім называюць.
(Бульба)
Жытнёвы Каласок (дастае з торбачкі бульбінку). Правільна. Гэта бульбінка-беларусачка—пекная паненачка, шэрая сукеначка, зялёная хусціначка. (Дастае з торбачкі лён.) А вось яшчэ вам загадка:
Сінявокі, слаўны, чысты.
Галавасты, залацісты.
Шмат абноў дае ён людзям,
Мы яго за гэта любім.
(Лён)
Восень. У другой палове верасня народны каляндар раіў "ураджай з поля збіраць, бульбу капаць, сцяліць лянок". Давайце, дзеці, пагуляем у гульню "Лянок".
Гульня "ЛЯНОК"
Восень і дзеці спяваюць усе разам і выконваюць рухі і усе дзеянні Восені.
А мы сеялі, сеялі лянок, белы, слаўны кужалёк!
Урадзіўся наш лянок! Урадзіўся, кужалёк!
Мы лянок ірвалі, жалі, абразалі, ў полі слалі,
У снапочкі абіралі... Урадзіўся лянок,
Белы, слаўны кужалёк!
Восень. А цяпер, калі з поля ўсё сабрана, можна і адпачыць.
З’яўляецца Жыцень.
Жыцень. Нельга адпачываць, гультаі, а гэта што (паказвае на каласкі, што ляжаць на зямлі)? Яшчэ гэтыя каласкі на полі засталіся!
Верасень. Хто ты такі? Дзеці, хто гэта?
Дзеці. Пудзіла!
Жыцень (пакрыўджана). Ніякае я не пудзіла. Я родны брат Восені. Мае імя пайшло ад слова "жыта". Я—Жыцень. Я з'яўляюся заўсёды пасля збору ўраджаю, уважліва сачу, ці ўсё сабрана як след. Вось і зараз збяру каласкі, што ляжаць на полі, і аднясу іх туды, дзе ўраджай сабраны чыста. Навучу ўсіх быць беражлівымі! Дзеці, дапамажыце мне. Там, дзе я падбіраў каласкі, будзе неўраджай. А вось месца, дзе я пакінуў сноп, будзе ўрадлівым. Як толькі я плясну ў далоні тры разы і скажу: "Зжатае гожае калоссе, толькі трошкі засталося",—вы бяжыце ў поле, збірайце каласкі і хутка нясіце іх мне, будзем вязаць сноп.
Гульня "ЗБОР КАЛАСКОЎ"
Дзеці па сігналу збірцюць каласкі, адносяць іх Жыценю. Той вяжа сноп.
Жытнёвы Каласок. Дзякуй, дзеці, за паважлівыя адносіны да мяне!
Жыцень. Ураджай у добрых руках! Да пабачэння.
Жыцень і Жытнёвы Каласок знікаюць.
Восень. Перавернем яшчэ адзін ліст календара. Свята Узвіжання— 27 верасня. Да гэтага дня ўсё павінна быць сабрана з палёў. Гэта апошні дзень, калі канчаткова развітваюцца з намі, ляцяць у вырай птушкі.
"Ключы ад лета—у шызай галачкі, і яна, адлятаючы ў вырай, замыкае яго і забірае з сабою ключы"—так гаворыць беларуская легенда.
Дзіця ва ўбранні "шызай галачкі" абыходзіць залу і ключом "замыкае лета ".
Верасень. Дзеці, а якіх пералётных птушак вы ведаеце? (Шпакі, ластаўкі, гусі, жураўлі.)
Восень. Глядзіце, жураўлі ляцяць у вырай!
Гучыць музыка. Дзеці ва ўбранні птушак танцуюць—"ляцяць у вырай". Наперадзе шызая галачка з "ключамі ад лета".
У бязмежным небе роўненькім шнурочкам...
Жураўлі на, вырай мкнуцца над лясочкам.
Меншыцца шнурочак, у паднеб’і тае.
Вось ледзь-ледзь чарнее, міг — і прападае.
Верасень. Не сумуйце. Прыгрэе вясновае сонейка, і птушкі вернуцца. А каб яны прыляцелі на радзіму вясной, давайце гучна скажам заклічку:
У вырай ляцяць жураўлі
Далёка ад роднай зямлі.
Я з птушак не зводжу вачэй:
—Дамоў прылятайце хутчэй!
Восень. Яны абавязкова вернуцца. А ў гэты дзень, дзеці, адбываецца яшчэ адна цікавая з'ява. Выпаўзаюць змеі і збіраюцца разам, каб падрыхтавацца да зімовага сну: "Ва Узвіжанне пару гадзюкі і вужакі хаваюцца ў нару".
Верасень. Давайце пойдзем у лес і паглядзім ці насамрэч гэта так.
Раптам чуецца посвіст, шум.
Верасень. Што гэта?
З’яўляецца Цар змей са світай.
Цар-змей. Вы прыйшлі ў лясное царства і парушылі наш спакой. Няўжо вы не ведалі, што 27 верасня ў лес хадзіць строга забараняецца? Яд змей у гэты дзень смяротны. Вас чакае страшэнная кара!
Верасень. Што ж нам рабіць? Ці не дапаможа нам выратавацца “Беларускі народны каляндар"? (Гартае каляндар і чытае. Потым звяртаецца да Цара-змея.) О, вялікі Цар-змей, не гневайся на дзяцей! (Хутка дастае з кошыка хусцінку з хлебам-соллю рассцілае перад ім. Кланяецца да зямлі.) Прабач нас. О, мудрэйшы з цароў, прымі, калі ласка, наш просты падарунак.
Цар-змей. Дзякуй за добрае слова. Вас цяпер у маім царстве ніхто не пакрыўдзіць. Дзякуй за хлеб-соль! (Нахіляецца, з яго галавы падае карона)
Дзіця (падбягае). Цар-змей, вы згубілі сваю залатую карону!
Цар-змей. У падзяку за хлеб-соль я дарую яе вам. Хто ёю будзе валодаць, той зможа адгадваць чужыя думкі і стаць надзвычайна мудрым. А зараз вы загадайце маім змеям заснуць да вясны.
Восень. Давайце, дзеці, гучна скажам:
Спіце, змеі, засынайце,
У норах зіму сустракайце.
Змеі ціха адпаўзаюць.
Верасень. Вось і надышоў мой час развітацца з вамі. Да пабачэння!
Верасень знікае. Восень гартае каляндар: 28, 29, 30... Гучыць музыка П.Чайкоўскага "Поры, года. Кастрычнік ". З'яўляецца Кастрычнік.
Кастрычнік. Я—Кастрычнік. А чаму мяне ў Беларусі так называюць?
(У гэты час лён трэплюць, а з яго сыплецца кастрыца.)
Лён трашчыць, ляціць кастрыца:
—Хто ўкалоцца не баіцца?...
Трэ, ляскоча церніца:
—Лён кашуляй вернецца!
Пра мяне таксама ёсць такая прымаўка: "Кастрычнік зямлю балоціць, а лес залоціць". Хто маіх дажджоў не баіцца, давайце ў гульню пагуляем!
Гульня "Дожджык"
Гучыць песня "Дожджык " (сл. А. Дзеружынскага, муз. I. Папова).
Сыпні, дожджык, трошку—
Дам табе гарошку.
Прайдзі, дожджык, па сялу—
Дам табе я кісялю.
А каб, дожджык, ты не плакаў,
То я дам табе і маку,
Прайдзі, дожджык, па сялу—
Дам табе я кісялю.
Дзеці спяваюць дражнілку, потым уцякаюць ад дожджыку, а ён іх даганяе.
Кастрычнік. Весела гулялі!
Восень (гартае каляндар). 14 кастрычніка.
Прыйшлі Пакровы:
—Ці ўсе да зімы гатовы?..
Апусцелі ніва, луг,
Гул работ на іх прыглух.
Перабраліся дары
З град у хаты, на сталы.
Кастрычнік. Дзеці, у народзе кажуць, што ў гэты дзень зіма зачыняе лета. Часта ў гэты дзень выпадае снег. Само слова Пакровы азначае "пакроў, пакрывала Божай Маці".
"Святы Пакроў накрыў зямлю жоўтым лістом, маладым сняжком, ваду лёдам, пчалу мёдам, рыбу луской, дрэва карой, птаху пяром, дзеўку чапцом". 3 гэтага Часу пачынаецца пара вясковых вяселляў. А напярэдадні свята дзяўчаты варажылі на замужжа і на сваіх нарачоных.
Група дзяўчат набірае у фартух апалае лісце, а пасля вытрасае з прыполу: “У які бок паляціць лісце – туды і замуж ісці”. Смяюцца і ўцякаюць.
Восень. Пакроў—пачатак зімавання скаціны ў хляве "На Пакровы даў сена Карове” Па гэтым дні прадказвалі таксама надвор’е на зіму: "Калі на Пакровы снег не пакрые зямлю, то і на Каляды не будзе снегу". "Якое надкор'е на Пакровы, такім яно і будзе ўсю зіму”.
Кастрычнік. Да пабачэння, дзеці.
Кастрычнік знікае.
Гучыць музыка П. Чайкоўскага “Поры года, Лістапад”.
Восень. А як называецца апошні, трэці месяц восені?
Дзеці. Лістапад.
З'яўляецца Лістапад.
Лістапад. А чаму мяне так называюць?
(У гэтым месяцы ўсё лісце з дрэў ападае.)
Лістанад. Правільна. Нездарма пра мяне такую прыказку склалі: "У лістападзе гола ў садзе". А якія яшчэ прыказкі, прымаўкі пра лістапад вы ведаеце?
("Лістапад—змярканне года". "Лістападаўскія ночы да снегу цёмныя".)
Восень. Хочам мы ведаць, хто лепей за ўсіх ведае асеннія скорагаворкі.
Лістапад. Вось такія:
- Мяшкі вавёрка восенню пашыла,
Грыбоў, арэхаў, шышак насушыла.
- Вецер рад у лістападзе
Пагуляць у голым садзе.
Лістапад. Сумная пара... I дажджы я прыношу, і снег, і вецер. Холадна ў лесе звярам. Адны ў цёплыя футры апранаюцца, а другія у спячку кладуцца да вясны.
Восень (гартае каляндар). На Марціна (11 лістапада) мядзведзь кладзецца ў бярлогу і пачынае смактаць лапу. А можа, вы самі, дзеці, раскажаце, як звяры да зімы рыхтуюцца?
Дзеці падыходзяць да календара. Восень гартае каляндар, на старонках якога ўсе бачаць выявы жывёл.
1-е дзіця.
Вецер вестку ў лес прынёс:
—Хутка затрашчыць мароз.
Птушак запытаў, звяроў:
—Да зімы як хто гатоў?
2-е дзіця.
У непаседлівай вавёркі
У дупле арэхаў горкі,
Сушаных грыбоў нямала
Восенню нарыхтавала.
3-е дзіця.
Вожык захаваўся ў лісце,
Да вясны яму не выйсці.
4-е дзіця.
А дубы вунь для дзікоў
Панатрэслі жалудоў.
5-е дзіця.
Не бядуе мішка-лежань,
Што завее снегам снежань,
Ён да самае вясны
Будзе сніць спакойна сны.
6-е дзіця.
—Ці гатовы да зімоўкі?—
Запытаўся вецер воўка.
—У-У-У,—пачуў ён у адказ.—
А навошта мне запас!
Не патрэбны мне бярлогі,
Бо мяне пракормяць ногі.
Лістапад.
Лёгкай, добрай вам зімы
У цішы яловай.
I развітваемся мы
Да сустрэчы новай!
Восень.
Нам пара ужо ў дарогу.
Дзякуй, дзеці, за падмогу!
Вы так дружна ўсе гулялі.
Ўсе загадкі адгадалі,
А цяпер, сябры, бывайце.
Лістапад.
Восень доўга ўспамінайце.
Дружна жывіце,
Хутка расціце,
Край свой любіце,
Ён за ўсё мілейшы,
За ўсё даражэйшы!
Восень і Лістапад кланяюцца і знікаюць.