Смак роднай мовы
Смак роднай мовы
Каб мова беларуская гучала
Найважнейшым сродкам развіцця асобы дзіцяці з’яўляецца родная мова, якая, паводле слоў Народнага паэта Беларусі і педагога Якуба Коласа, з’яўляецца першай крыніцай, “праз якую мы пазнаем жыццё і навакольны свет”, ”праз родную мову льецца шырокая магутная плынь, людкуючы розум і пачуцці дзяцей”.
З аднаго боку, мова выступае як складнік культуры, пад якой разумеюцца вынікі дзейнасці людзей, іх светапогляд, традыцыі, нормы жыццядзейнасці і сацыяльнага існавання, формы зносін, паводзін і г.д.
З другога боку, мова з’яўляецца формай існавання духоўнай культуры народа (фальклору, літаратуры, рэлігіі, філасофіі і г.д.). Можна сцвярджаць, что мова – гэта базісны элемент культуры чалавека. Паўнацэннае вывучэнне мовы – гэта, перш за ўсё, далучэнне да духоўных каштоўнасцей сваёй нацыі.
Зразумела, развіццё беларускага маўлення дзяцей ва ўстанове дашкольнай адукацыі з рускай мовай навучання і выхавання не можа не насіць сугуба практычнага характару. Але навучанне беларускай мове павінна быць арыентавана не толькі на фарміраванне ў дзяцей ўменняў разумець беларускую мову, узнаўляць пачутае і размаўляць на роднай мове (тым больш, што ў дзяцей амаль адсутнічае беларускамоўнае асяроддзе, дзе яны маглі б рэалізаваць гэтыя свае уменні). Важнае значэнне надаецца далучэнню выхаванцаў да роднага слова шляхам увядзення ў нацыянальна-культурны фон беларускай мовы. Сутнасць культуралагічнага падыходу заключаецца ў тым, што навучанне роднай мове ажыццяўляецца ў кантэксце фарміравання нацыянальнай культуры, что забяспечвае, з аднаго боку, “уваходжанне” ў нацыянальную і сусветную культуру ў працэсе авалодання маўленнем на беларускай мове, а з другога – авалоданне беларускай мовай на аснове спасціжэння нацыянальнай культуры (па формуле: “культура праз мову і мова праз культуру”). Далучэнне дзяцей да каштоўнасцей нацыянальнай культуры прадугледжвае ўключэнне ў змест адукацыі культуразнаўчых, перш за ўсё, мастацкіх тэкстаў, што адлюстроўваюць ментальны вопыт, культурныя асаблівасці беларускага народа: народныя казкі, легенды, паданні.
Фарміраванню ў дзяцей каштоўнаснага стаўлення да нацыянальнай мовы садзейнічае ўключэнне ў змест адукацыі выказванняў, вершаў пра Беларусь і беларускую мову, што выхоўваюць пачуццё гонару за іх, напрыклад: Змалку звалі цябе / Мы сваëю радзімаю, / Беларусь, Беларусь, / Як ты сэрцу любімая. (П. Броўка).
Нацыянальная культура засвойваецца і пры азнаямленні са словамі і выразамі, якія абазначаюць рэаліі духоўнай і матэрыяльнай культуры беларусаў: назвы народных звычаяў, святаў (Каляды, Саракі, Гуканне вясны), пабудоў (буслянка, дрывотня), традыцыйнага адзення (андарак, камізэлька), страў (дранікі,зацірка), прадметаў народнага мастацтва і побыту (ручнік спарыш), так званымі “гаваркімі” словамі тыпу цягнік, ручнік, кухар і да т.п. і інш. Акрамя таго, культуразнаўчая інфармацыя праяўляецца ў фразеалагізмах, устойлівых параўнаннях (валасы, як лëн; вочкі нібы пралескі), сімвалах нацыянальнай культуры (валошка, вярба, бусел) і інш. Падобныя словы і выразы сустракаюцца ў беларускіх народных казках, паэзіі, песнях, народных гульнях, прыказках і прымаўках і да т.п.
Фарміраванню ў дзяцей уяўленняў аб самабытнасці і ўнікальнасці беларускай мовы і культуры садзейнічае навучанне нацыянальнай мове ў дыялозе культур, шляхам яе параўнання з рускай мовай. Аб’ектамі параўнання выступаюць лексічныя адзінкі беларускай і рускай моў: іх вымаўленне, значэнне (па-беларуску крапівá, сустрэча, абутак, а па-руску крапива, встреча, обувь – вельмі падобна; па-беларуску дыван, а па-руску ковер, па-беларуску канапа, а па-руску диван – падобныя словы маюць рознае значэнне і г.д.).
21 ЛЮТАГА - МІЖНАРОДНЫ ДЗЕНЬ РОДНАЙ МОВЫ
Cёння у свеце шмат цудоўных моў. Адны з іх вабяць сваёй прыгажосцю і непаўторнасцю, другія – мілагучнасцю. Але ў кожнага чалавека ёсць толькі адна родная мова, якая завецца роднай. Менавіта на гэтай мове ён размаўляе з роднымі, сябрамі, знаёмымі. І вельмі дрэнна, калі чалавек пачынае забывацца на сваю мову, не шануе яе.
На працягу 9 гадоў кожны народ 21 лютага адзначае Дзень роднай мовы. Першапачаткова з такой ініцыятывай выступіў Бангладэш. Менавіта ў гэтай краіне 21 лютага 1957 года загінулі пяць студэнтаў, якія адстойвалі права навучацца на роднай мове.
Зараз у нашым рознакаляровым і рознагалосым свеце налічваецца больш за шэсць тысяч моваў. Палова з іх пад пагрозай знікнення. Дзеля захавання моў, якія апынуліся на парозе знікнення, міжнародны фонд UNESCO абвясціў дзень роднай мовы — каб хоць у такі дзень на іх загаварылі, пра іх успомнілі.
Родная мова шмат не патрабуе. Але калі ўжо назваў яе роднай, калі лічыш яе такой для сябе — павінен жа быць перад ёй хоць нейкі абавязак. Ці хоць часам пра яе думаць. Калі хоць палова з тых сямідзесяці чатырох працэнтаў, якія падчас апошняга перапісу назвалі роднай мовай беларускую, падумае аб яе лёсе — значыць, не ўсё яшчэ страчана. Хоць адзін дзень. Калі будзе яе афіцыйнае міжнароднае свята.
Калі ты чуеш яе — ці то сучасную літаратурную, ці змешаную "трасянку", або мясцовую дыялектную — ведай, што гэта ўсё яна — наша беларуская мова. Не адварочвайся, а прымі яе, бо яе месца ў тваёй краіне. Нашы бацькі, дзяды і прадзеды нямала зрабілі, каб беларуская мова была прызнаная як роўная сярод іншых моў свету.
Дык не дай загінуць ёй, жывой і непаўторнай, “з легендаў і казак” сатканай, “вобразнай, вольнай, пявучай”, цудоўнай роднай мове.v