Для чытання дзецям

Для чытання дзецям 

(вершы пра Вялікую Айчынную вайну)

 

Помні, братка

Кірыл Азімка

 

 Помні, братка…

 Помні, братка!

 Не забудзь ніколі,

 Як спалілі дзеду хатку,

 Як жылі ў няволі.

 Як фашысты захапілі родную краіну:

 Беларусь маю, Расію, Польшчу, Украіну.

 

 Братка, помні…

 Братка, помні!

 Кожны трэці згінуў

 У баі ці то ў палоне

 За сваю Радзіму.

 Помні і цані заўсёды нашу Перамогу,

 Што жыццё нам захавала дзякуючы Богу.

 

 Дзякуй Богу…

 Дзякуй Богу!

 Дзякуй і салдатам,

 Йшлі ў далёкую дарогу

 З рускім аўтаматам,

 Паляцелі гучна кулі па фашысцкіх касках,

 А фашысты ймчаць дадому : “Біттэ, калі ласка!”

 

 Прэч дадому…

 Прэч дадому!

 Вось і вызваленне!

 Не паставіць нас нікому,

 Смелых, на калені.

 З тых часоў гадоў мінула цэлых сем дзясяткаў…

 Помні, братка.

 Помні, братка.

 Помні, братка.

 Помні, братка.

 

 

 

 

 

 

 

Ветэрану

Вольга Грыдзюшка

 

Як твае справы, ветэран?

 Гады няўмольна побач крочаць,

 Прамы ў дугу сагнулі стан,

 А ран яны зусім не лечаць.

 

Амаль сляпым прыйшоў з вайны:

 У галаву было раненне.

 Перад вачыма тыя дні,

 Ды ў вачах даўно зацьменне.

 

І не патрэбен павадыр —

 Па успамінах думкі водзяць;

 Бяда, што ногі ўжо не ходзяць...

 Суседка прынясе вады,

 

Раз у месяц з’явіцца сынок

 З нявесткай, вымыюць падлогу.

 Уначы малюся: дай жа Бог

 Дажыць яшчэ да Перамогі!

 

 

 

 

Роздум ветэранаў

Анатоль Балуценка

 

Душа балiць мацней, чым раны,

 Ляцiць стралой няўмольны час,

 Ў нябыт шагаюць ветэраны,

 Ўжо засталося мала нас.

 

Сабой Радзiму захiналi,

 Не ведалi прад куляй страх,

 Усё краiне аддавалi,

 Нас безлiч гiнула ў баях.

 

Мы здабывалi перамогу,

 Пазналi цяжкi жах вайны,

 Прыйшлi дадому, слава Богу,

 Айчыны дочкi i сыны.

 

Цяпер пра нас амаль забылi,

 Раз ў год гучыць аркестраў медзь,

 За што на ворага хадзiлi,

 Нiяк не можам зразумець.

 

 

Герой

Пімен Панчанка

 

Злосна сказаў: «Уставай, пяхота!

 Мы не на пляжы, а на вайне».

 І лёг на змяіныя скруткі дроту.

 І дзвесце салдацкіх запыленых ботаў

 Прайшлі па яго спіне.

 

Не ён, а другія ішлі ў атаку,

 Гранаты кідалі ў бліндажы,

 Калолі фрыцаў, палілі танкі

 І сцяг перамогі ўзнімалі ранкам

 На заваёваным рубяжы.

 

А ён свае косці з іржавых калючак

 Сваімі рукамі без стогну аддзёр,

 Зваліўся на травы, і стала балюча

 І травам, і росам, і ветрам гаючым,

 Што прыляцелі з валдайскіх азёр.

 

 

 

Свята Перамогі

Пятро ГЛЕБКА

 

 Маленства радаснага час!

 Сябры мае малыя!

 Цяжкія мы прайшлі да вас

 Дарогі баявыя.

 

Ад Сталінграда і Масквы

 Да Вены і Берліна

 Ішлі з баямі мы, каб вы

 Валодалі краінай.

 

Суровым быў славуты шлях, –

 Такіх няма на свеце.

 І шмат загінула ў баях

 За ваша шчасце, дзеці.

 

 

 

А чаму салдаты не заб’юць вайну?

Паўлюк ПРАНУЗА

 

Цень набег, як хмарка,

 На Міколкаў твар.

 Чуў ён: дзесьці войны

 Смерць нясуць, пажар.

 

Запытаўся ў таты,

 Лежачы без сну:

 – А чаму салдаты

 Не заб’юць вайну?

 

 

 

Горкая гордасць

Пімен Панчанка

 

Каралеўскімі замкамі

 Ганарацца,

 Саборамі.

 Мы – зямлёй партызанскаю,

 Перамогай над ворагам…

 

Наша горкая гордасць

 Прасвятлее ў вяках.

 Не скрышылі нас орды,

 Не адолеў нас страх,

 

Ні трапічная парнасць,

 Ні мароз невыносны…

 Каралеўскія пальмы,

 Партызанскія сосны.

 

 

 

Зорная калыханка

Пятро Прыходзька

 

Спі, засні, саколік!

 Люлі-люлі-бай!

 Ціха ў наваколлі,

 Не гамоніць гай.

 

Вецер пад галінкі

 Ўлёгся адпачыць.

 Толькі наша, сынку,

 Зорачка не спіць.

 

Тая, што ірдзее

 Між усіх планет,

 Светлаю надзеяй

 Азарае свет.

 

Спі! Хай зорка свеціць,

 Хай прысняцца сны,

 Што нідзе на свеце

 Больш няма вайны.

 

Можна яшчэ пачытаць дзіцяці дашкольнага ўзросту наступныя творы аб Вялікай Айчыннай вайне:

 

Л.Касіль “Твае абаронцы” (апавяданне)

В.Вітка  “Салдат з дзяўчынкай на руках” (апавяданне)

С.Баруздзін “Ішоў па вуліцы салдат” ( маленькія ўрыўкі аб гісторыі Савецкай арміі)

Ю.Герман  “Вось як гэта было” (повесць)

М.Пазнякоў “Ля вечнага агню” (верш)

В.Вітка “Дзе хаваецца вайна” (верш)

Л.Касіль “Помнік салдату” (апавяданне)

М.Ісакоўскі “Навек запомнім” (верш)

С.Міхалкоў “Быль” (верш)

П.Броўка “А хіба ёсць што забываць?” (верш)

С. Георгіеўская  “Галіна мама” (повесць)

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

Меню раздела