Занятак па адукацыйнай вобласці “Мастацкая літаратура” для дзяцей 5-6 гадоў “Падарожжа ў краіну казак ”

 

Гардзіевіч Святлана Мікалаеўна,

выхавальнік дашкольнай адукацыі

 

 Задачы: актывізаваць веды дзяцей пра беларускія народныя казкі; замацаваць уменне пазнаваць казку па ўрыўку, па ілюстрацыі, уменне разгадваць загадкі, творчасць пры драматызацыі знаёмай  беларускай казкі, развіваць цікавасць і любоў да казак; развіваць слыхавую памяць, лагічнае мысленне, мову, уменне абагульняць, аналізаваць; удасканальваць навыкі супрацоўніцтва пры працы ў камандзе, развіваць камандны дух уменне дзейнічаць узгоднена; стварыць у дзяцей радасны, эмацыянальны настрой, выхоўваць любоў да беларускай літаратуры.

   Матэрыял:  песня “Прыходзь, казка” для выхаду і вітання, карцінкі з адгадкамі (мыш, конь, верабей, хлеб, Баба-Яга, мядзведзь, ліса, кот),разразныя  карцінкі да казак  “Гарошак”,“Верабей і мыш”,“Кот Максім”, “Лёгкі хлеб”,“Лісіца - хітрыца”,“Як Кот звяроў напалохаў,цацка Ката, куфар з прадметамі, маскі – шапачкі герояў казкі “Верабей і мыш”, мальберт, сноп, дзве рыдлёўкі, зярно, серп, муляжы(піражкі, батон), баранкі, галавешка з паперы, насенне морквы.

   Папярэдняя праца: чытанне беларускіх народных казак, разгляданне карцін, ілюстрацый па тэме “Беларускія народныя казкі”, падрыхтоўка да драматызацыі казак (развучванне роляў, падрыхтоўка неабходных атрыбутаў).

Ход занятка:

Выхавальнік: Дзеці, зараз  мы з вамі будзем вітацца з нашымі шаноўнымі гасцямі, але рабіць гэта мы будзем незвычайным спосабам!

 Скажам «Добры дзень» рукамі!

 Скажам « Добры дзень» нагамі!

 Скажам «Добры дзень» вачыма!

 Скажам «Добры дзень» мы ротам –

 Стане радасна вакол!

Выхавальнік: Дзеці, а ці любіце вы казкі так, як люблю іх я? (Адказы дзяцей). Давайце мы з вамі зараз заплюшчым вочкі і перанясёмся у цудоўную краіну казак, таму што толькі ў гэтай краіне мы трапляем у чароўны свет, дзе адбываюцца цуды, дзе дабро заўсёды перамагае зло. Мы будзем з вамі  падарожнічаць па казачных станцыях і напрыканцы  пакажам казку.  Але ж  наша казка зачараваная. Каб яе расчараваць, трэба выканаць заданні на станцыях і атрымаць фрагмент казкі. А дапаможа нам у гэтым Кот. (Мы збяром усе фрагменты і расчаруем казку.)

Зараз я запрашаю вас на станцыю № 1 пад назвай  “Адгадай-ка”, на якой трэба адгадаць герояў і прадметы, якія часта сустракаюцца ў беларускіх народных казках.

  1. Маленькi шарык пад лаўкай шарыць

   Збірае крошкі, баіцца кошкі.(Мыш)

  1. Шапачка маленькая, Камiзэлька нятканая, Кафтанiк рабенькi, Ды ходзiць босенькi.(Верабей)
  2. Вялікі, махнаты, любіць мёд і маліну(Мядзведзь)
  3. У рыжай разбойнiцы Хвост, як мятла. Курэй украла – сляды замяла (Лiса)
  4. Лёг вусаты, а ўстаў гарбаты (Кот)
  5. У лесе жыве бабулька. Ёсць у яе хатка. Яна лётае на мятле. Дзяцей крадзе на зарэ. Касцяная ў яе нага, А завуць яе … (Баба-Яга)
  6. Хутчэй за вецер я скачу. Куды захочаш даiмчу. Калмата i гуллiва Мая ўецца грыва (Конь)
  7. Мнуць i катаюць, У печцы закаляюць, А потым за сталом Рэжуць нажом (Хлеб)

 Выхавальнік: Малайцы, дзеці, першае заданне выканалі і атрымайце першы фрагмент казкі ад Ката.  А зараз ідзём да наступнай станцыі, якая называецца “Складзі казку па частках”. Сядайце, калі ласка, за сталы і складайце.( песня “Прыдзі казка”)

Дзеці атрымліваюць канверты, у якіх разразныя карцінкі да беларускіх народных казак. Трэба сабраць казкі з частак і назваць іх. 

Выхавальнік: Малайцы, дзеці, другое заданне выканалі і атрымайце другі фрагмент казкі ад Ката.  А наступная наша станцыя   № 3 “Назаві казку па ўрыўку”

  1. Касiў на лузе касец. Змарыўся i сеў пад кустом адпачыць. Дастаў торбачку, развязаў i пачаў есцi. Выходзiць з лесу галодны Воўк. Бачыць– касец пад кустом сядзiць i нешта есць.(“Лёгкi хлеб”).
  2. 2. Тым часам узяла Лiсiца пад руку свайго Гаспадара, i пайшлi яны ў госцi. Прыходзяць на палянку. Чуе Кот – мясам запахла. Бачыць – цэлы баран ляжыць. Тут ён поўсць наставiў, вусы натапырыў ды адразу на барана накiнуўся. Есць ды ўсё бурчыць: «Мяў-у, мяў-у» (“Як кот звяроў напалохаў”).
  3. 3. Мядзведзь стукнуў лапаю ў дзверы, праламаў іх і ўвайшоў у хату. Тут выставіў Бык рогі ды прыпёр Мядзведзя да сцяны. А Казёл давай яму рагамі ў бок лупіць, а Парсюк зубамі за жывот ірваць, а гусак нос дзяўбці…А Певень узляцеў на лаву ды давай крычаць: “Кудах – кудах! Куды – куды!”Ледзьве жывы выскачыў з хаты няпрошаны госць – Мядзведзь. (“Пра Быка і яго сяброў”).
  4. Аднаго разу досвiткам пайшла жонка Гаспадара па ваду. Бачыць яна– коцiцца па дарозе гарошак. Падняла яна яго, падняла i з’ела.(“Гарошак”).

5.Пусці, браток пагрэцца

Змок дужа на лугу

Насіць за гэта хатку

Табе дапамагу (М.Танк “Жук і Слімак”)

Выхавальнік: Малайцы, дзеці, трэцяе заданне выканалі і атрымайце трэці фрагмент казкі ад Ката.   А зараз давайце трошкі адпачнем на наступнай станцыі і раскажам нашым гасцям, якія казкі вы ведаеце.

Станцыя № 4 Фізкультхвілінка «Любімыя казкі»

Будзем казкі ўспамінаць, -

Будзем казкі называць.

Рукавічка, (выцягнуць рукі ўпярэдзе і перавярнуць далонькамі ўверх)

 Церамок, (рукі уверсе злучыць трыкутнікам)

Калабок – румяны бок, (прысесці, рукі ўверсе злучыць паўкругам)

Ёсць Снягурка – прыгажосць, (пацягнуцца на шкарпэтках)

Тры мядзведзі,

Воўк – Ліса, (адлюстраваць рухі гэтых жывёл)

Не забудземся на Сіўку-Бурку, 

Нашу прарочую каурку, (падскокі па крузе)

Пра жар-птушку казку ведаем, (шырока развесці пэндзлі рук, малюючы хвост)

Рэпку мы не забываемся, («цягнуць рэпку»)

Ведаем Ваўка і казлянят (падскокі на месцы)

Гэтым казкам кожны рады (пляскаем у ладкі) 

Выхавальнік: Малайцы, дзеці, чацвертае заданне выканалі і атрымайце чацверты фрагмент казкі ад Ката.  А зараз мы ідзём да наступнай станцыі, на якой ёсць прадмет , які раней выкарыстоўвалі ў якасці мэблі, у ім захоўвалі каштоўныя рэчы.

Станцыя называецца «Куфар з прадметамі»

Вось у гэтым куфары ляжаць прадметы, гледзячы на якія вы скажаце, пра якую казку гаворыцца.

1.Гарошына. (Б.н.казка “Гарошак”)

2.Зерне пшаніцы. (Б.н.казка “Верабей і мыш”)

3.Цацка “Заяц” (Б.н.казка“Кот Максім”)

4.Хлеб (Б.н.казка “Лёгкі хлеб”)

5.Бобінка (Б.н.казка “Лісіца - хітрыца”)

  1. Цацка “Кот” (Б.н.казка“Як Кот звяроў напалохаў)

Выхавальнік: Малайцы, дзеці, пятае заданне выканалі і атрымайце пяты фрагмент казкі ад Ката.  А зараз мы прыйшлі на апошнюю  станцыю і пакажам нашым гасцям беларускую народную казкуВерабей і Мыш”(інсцэніроўка казкі)

Выхавальнік. Дзеці, вось і падышло да канца наша падарожжа. Кот дае вам апошні фрагмент. А зараз мы збяром малюнак. Дзеці. Пагляньце, што у нас атрымалася! – Гэта ж наша казка! Вось усім  і казка, а дзецям ад Ката абаранкаў вязка.

А зараз заплюшчваем вочкі і вяртаемся у групу.

Выхавальнік. Дзеці, якія уражанні выклікала ў вас казка?

Чаму вы навучыліся у герояў казкі?

Што б вы пажадалі героям казкі?

А я  хачу пажадаць, каб вы выраслі такімі ж, як героі нашых казак:

  • -разумнымі, шчаслівымі і добрымі
  • - гаспадарчымі і працавітымі
  • - знаходлівымі і клапатлівымі
  • -дужымі і смелымі!

Дзеці, у якіх казках мы з вамі пабывалі? Дзеткі, вы заўсёды зможаце сустрэцца з любімымі казачнымі героямі на старонках кніг і  часопісаў а таксама за праглядам мультаплікацыйных фільмаў.

А зараз я хачу падарыць вам памятныя сувеніры - размалёўкі з вашымі любімымі героямі!

                                                     

Меню раздела