Пачынаем размаўляць па-беларуску!

Давайце разам паразважаем, як захапіць дзіця, каб яму захацелася вывучыць родную мову.

Паважаныя бацькі! Давайце дапаможам нашым дзецям авалодаць беларускай мовай. Будзем выхоўваць дзяцей добрымі, разумнымі, дапытлівымі, церпялівымі і ўважлівымі да ўсяго. І адначасова абуджаць веру дзіцяці ў тое, што яно вырасце патрэбным на зямлі чалавекам.

Дапамажыце нам далучыць дзяцей да роднай, беларускай мовы!

Давайце разам паразважаем, як захапіць дзіця, каб яму захацелася вывучыць родную мову.
Пачынаем размаўляць па-беларуску!


Ветлівасць
     Ветлівымі словамі дарослыя і дзеці карыстаюцца амаль штодня. Давайце праверым свае веды і пакажам прыклад ветлівых паводзін дзецям:
Дзякуем
Сардэчна дзякую! Я ўдзячны (удзячна) Вам! Дзякуй за дапамогу! Дзякуй за ўсё!


Просім прабачэння
     Прабачце, калі ласка! Я прашу прабачэння! Вельмі шкадую, што нарабіў Вам клопату. Не сярдуйце, так атрымалася. Даруйце, мне вельмі непрыемна.
Радуемся
Вельмі добра! Цудоўна! Выдатна! Вось здорава! Якое шчасце! Вось гэта навіна! Мне вельмі прыемна! Я задаволены (задаволена)! Вы мяне ўзрадавалі! Мне гэта даспадобы! Гэта самая шчаслівая хвіліна ў маім жыцці! Я вельмі рады (рада)!
Жадаем
     Жадаю шчасця! Каб Вы здаровы былі і радаваліся! Хай Вас Бог беражэ! Хай Вам шчасціць! Хай будуць здаровы Вашы родныя! Расці дужы (дужая) ды вялікі (вялікая)! Хай здзейсняцца ўсе спадзяванні! Бывайце здаровы, жывіце багата! Добрай дарогі! Хай усё будзе добра! Хай Вам лёс не здрадзіць!
Імёны
     Для бацькоў імя сына ці дачкі — самае пяшчотнае і мілагучнае. Кожнае дзіця любіць, каб да яго звярталіся неяк асабліва. Камусьці падабаюцца памяншальныя ласкавыя формы імя, камусьці — толькі поўныя. Дзецям будзе цікава на некалькі хвілін акунуцца ў мінулае нашай краіны і даведацца, якія імёны існавалі раней на Беларусі.
Прыказкі і прымаўкі
     Хоць, можа, у штодзённым жыцці мы рэдка размаўляем па-беларуску, але часта прыгадваем вядомыя прыказкі і прымаўкі, якія дапамагаюць выказаць свае адносіны да сітуацыі. Прыказкі надаюць мове выразнасць, дасціпнасць, паэтычнасць. «Хата без кутоў не будуецца, без прымаўкі ні бяседа, ні гутарка не вядзецца» — у прыказках мала слоў, але ў іх закладзена народная мудрасць. Трапныя выслоўі назапашваюцца ў нашай памяці на працягу ўсяго жыцця. Мы чуем і запамінаем іх з размоў, слухаючы казкі, песні, паданні. Усім знаёмая сітуацыя: дзіця мые посуд, раптам талерка выслізвае з рук і разбіваецца. Каб супакоіць дзіця, дарослыя прыгадваюць старое павер’е: «Посуд б’ецца на шчасце!»
Без асаблівых намаганняў памяці мы звяртаемся да прыказак і прымавак, каб вывесці правіла, даць ацэнку падзеям, характарыстыку паводзінам людзей. Як растлумачыць дзецям, што такое любоў і павага да бацькоў, як трэба ставицца да людзей, дзе знайсці даступныя ўзросту прыклады? Прапануйце малым некалькі прыказак і разам абмяркуйце іх.
Пры сонейку цёпла, пры мамачцы добра.
Добраму чалавеку жыццё ў радасць, а злому — адно гора.
Не рабі другому, што не люба самому.
У людзей пытай, ды свой розум май.
Прыказкі і прымаўкі не старэюць на працягу стагоддзяў, яны выказваюць агульначалавечую мараль сцісла, у дасканалай мастацкай форме. Крынічным звонам бессмяротнасці роднае мовы назваў Янка Брыль народныя прыказкі і прымаўкі.

Святы
     Хто не ведае прыгожую легенду пра папараць-кветку, якая расцвітае ў ноч на Івана Купалу? Пра тое, што чалавек, якому пашчасціць здабыць чароўную кветку, зразумее мову птушак і звяроў, стане багатым і шчаслівым? Ноч гэтая незвычайная, казачная: дрэвы, хмызы і кветкі размаўляюць паміж сабою і нават пераходзяць з месца на месца. Менавіта ў купальскую ноч, згодна з павер’ем, трэба збіраць лекавыя расліны, якія маюць у гэты час асаблівую сілу.
     На жаль, сучасныя дзеці дрэнна ведаюць беларускія святы. Пачніце знаёміць малых з народным календаром — расказвайце пра святы, якія захаваліся да нашых дзён. Напрыклад, увесну беларусы святкуюць Вербніцу, або Вербную нядзелю. У гэты вясновы дзень, за тыдзень да Вялікадня, людзі ламаюць галінкі вярбы — дрэва, поўнага магутнай жыццёвай сілы. Вербнай галінкай дакранаюцца да родных і знаёмых (найперш да дзяцей) і прыгаворваюць:
Не я б’ю — вярба б’е.

За тыдзень — Вялікдзень.
Будзь здаровы, як вада,
І багаты, як зямля.
Расці, як вярба,
Як лёд, на ўвесь год!
У бібліятэцы можна знайсці цікавыя кніжкі пра беларускія народныя святы. Разам з дзецьмі прачытайце пра провады зімы — Масленіцу, свята прылёту птушак — Саракі, пра пачатак і заканчэнне жніва — Дажынкі і Зажынкі ды іншыя народныя традыцыі.

Урокі роднай мовы
      Вывучэнне мовы, якую не ведаеш, — з’ява не простая. Калі ж бацькі разам з дзецьмі вывучаюць родную мову, поспех абавязкова прыйдзе. Час ад часу можна нават спаборнічаць, хто лепш ведае сваю мову. Напрыклад, паспрабуйце з дапамогай перакладнога слоўніка (а мо і без яго) назваць па-беларуску навакольных птушак, звяроў, кветкі і г. д.

     Дзіця, якое з маленства шануе традыцыі сваіх продкаў, гаворыць па-беларуску, паважае сваіх бацькоў, пранясе такія адносіны праз усё жыццё. І тады новыя пакаленні маленькіх беларусаў будуць размаўляць на роднай мове.

Меню раздела