Тэматычная экскурсія Падарожжа ў мінулае – міні-музей «Беларуская хатка»

 

Тэматычная экскурсія

Падарожжа ў мінулае – міні-музей «Беларуская хатка» 

Прагармныя задачы:

  • пазнаёміць дзяцей з выглядам сялянскай хаты, рэчамі, якія знаходзіліся ў ёй, з народнымі беларускімі гульнямі;
  • садзейнічаць развіццю пазнавальных навыкаў;
  • садзейнічаць выхаванню нацыянальнай самасвядомасці, культуры сямейных адносін, павагі да старэйшых членаў сам’і, цікавасці да гістарычнай спадчыны праз першаснае знаёмства з сялянскай хатай і побытам традыцыйнай беларускай сям’і. 

Ход экскурсіі

Выхавацель:

         Добры дзень, дзеці! Сёння разам з вамі мы здзейснім невялікае падарожжа. Хто з вас любіць падарожнічаць? (Адказы дзяцей) А падарожжа ў нас будзе незвычайнае. Мы паспрабуем вярнуцца ў мінулае і пабываць у гасцях ў дзядулі Васіля і бабкі Ганны. Згодны? (Адказы дзяцей) Тады заплюшчым вочкі. Палічым: раз, два, тры! І зробім тры крокі наперад. (Дзеці праходзяць ў “сялянскую хату”)

         Вось мы і апынуліся ў хаце дзеда Васіля і бабкі Ганны. Тут шмат цікавых рэчаў. Аб некаторых з іх вы даведаецеся сёння. Але ж дзе нашы гаспадары? (Дзеці, агледзеўшы хату, бачаць, што дзед і бабка “грэюцца” ля печы.)

        Павітайцеся, калі ласка, з гаспадарамі! (“Дзень добры”, “Прывітанне”).  Нашыя бабуля з дзядулем старэнькія. Будзем іх шанаваць. Няхай яны адпачнуць, паназіраюць за намі, а мы з вамі працягнем наша падарожжа. Дзеці, а як вы думаеце, што займала галоўнае месца ў сялянскай хаце? (Адказы дзяцей) А я зараз вам крышку падкажу, загадаю загадку: “Яна галодная – хата халодная. Яна пад’ела – у хаце пацяплела” (Печ).

       Печ была галоўнай ў хаце, бо ў ёй пяклі хлеб, штодзённа гатавалі ежу, на ёй спалі, сушылі вопратку, абутак, ад яе было цёпла ў хаце.

        А зараз скажыце, дзе заўжды стаяла печ? (Адказы дзяцей.) Ведаеце, ў нашай печы ёсць вугалёк. Раней дзеці гулялі з ім. Давайце і мы з вамі пагуляем. (Беларуская народная гульня “Вугалёк”).  Спадабалася гульня? Я вельмі рада.

       У мінулыя часы рабілі для дзяўчынак лялькі  з саломы і  нітак. Сучасныя лялькі-дзяўчынкі амаль усе з пластмасы і апранутыя як сучасныя дзяўчынкі. З саломы рабілі не толькі людзей але і жывёл. Вось конь з саломы. Таксама раней цацкі рабілі з гліны. У асноўным гэта былі свістулькі ў форме звяроў і птушак.

-Дзеці скажыце чаму гэтыя цацкі называюцца беларускія народныя?

(Таму што іх рабілі беларускія народныя майстры).

-Як называецца майстар, які робіць цацкі з саломы?

(Майстар па саломапляценню).

- Як называецца майстар, які робіць цацкі з гліны?

(Ганчар).

-Які майстар, робіць палатно для цацак з тканіны?

(Ткач).

          Выхавацель  (паказвае цацку з ільну). Вось гэта цацка зроблена з ільну. А я ведаю цікавую беларускую народную гульню “Лянок” у якую мы зараз пагуляем.

         У кожнай хаце, дзе былі маленькія дзеці, вісела падвязаная да бэлькі люлька (калыска). Над ёй маці заўсёды спявала свайму дзіцяці калыханкі. У нашай хаце таксама ёсць калыска. Давайце паглядзім, ці ёсць ў ёй хто? (Дзеці знаходзяць там ляльку). Дзеткі, а ці можаце вы ўзгадаць калыханкі, якія спявалі вам матулі? (Адказы дзяцей) Можа вы паспяваеце нашай дзяўчынцы калыханку? (Дзеці па жаданню спяваюць).

        Пра хату ў народзе складзена шмат прыказак і прымавак. Вось некаторыя з іх: “Свая хатка як родная матка”, “Слаўна хата не вугламі, а пірагамі”. А як вы іх разумееце? (Дзеці адказваюць).

                А зараз паслухайце загадку і здагадайцеся, пра што яна: “Пад адной страхой чатыры браты стаяць” (Стол) А дзе ў нашай хаце стол? (Дзеці адказваюць або паказваюць).

         Раней гэтае месца нашы продкі называлі покуць, або Чырвоны кут. На покуці ў хаце заўсёды віселі абразы, убраныя вышытымі ручнікамі. Над сталом вісеў саламяны павук. Лічылі, што такі павук прыносіць шчасце.

 -Чым жа любілі займацца нашы продкі?

        Вечарамі, асабліва ў зімовы час, сялянская хата ператваралася ў майстэрню. У доўгія вечары пры святле лучыны, тут рабілі лыжкі і посуд, плялі лапці, кошыкі  і пралі, ткалі, шылі адзенне і вышывалі. Плялі лапці звычайна мужчыны. Сярод іх былі сапраўдныя майстры: сплеценыя імі лапці, лёгкія і зграбныя, прыгожа глядзеліся на любой назе. У іх было добра і на працы, і ў танцы.

        Адно з самых старажытных промыслаў беларусаў – ткацтва.

        На працягу стагоддзяў яно перадавалася з пакаленняў у пакалення. Сыравінай для ткацтва быў лён або авечая воўна.

          Ну, а ўсе свае адзенне нашы продкі хавалі ў куфар. Кожная дзяўчына рыхтавала сабе пасаг і складала яго ў куфар. Потым, калі дзяўчына выходзіла замуж, куфар перавозілі ў хату жаніха.

-Як вы думаеце, якая рэч прыйшла на змену куфру? (Шафа)

         У нашай музейнай хаце знаходзяцца некаторыя прылады ткацтва: калаўрот, прасніца, шчотка,сукала, верацяно,матавіла.

          Хоць і цяжка жылося нашым продкам, але не страцілі яны пачуцця прыгожага. Звярніце, калі ласка, увагу, якую вопратку насілі сяляне Усё рабілі сваімі рукамі, пачынаючы ад саматканай тканіны да ўзораў вышыўкі на ручніках і посцілках.

          Качалка – прыспасабленне для разгладжвання вырабаў з тканіны. Вопратку раскачвалі валікам – гэта драўляны брус з нарэзанымі ўпоперак зубцамі і ручкай. Зубцы размяшчаліся шчыльна адзін каля аднаго (паказ экспанатаў).

          Калі вы ўважліва паглядзіце, то ўбачыце калекцыю жалезных прасаў. Працавалі яны на вуглях. Каб працаваць такім прасам, спачатку неабходна было ўнутар пакласці гарачыя бярозавыя вуглі. Каб зноў распаліць патухшыя вуглі, трэба было падуць ці памахаць прасам з боку ў бок.

         А вось перад вамі – бойка. Калі малако адстойвалася ў збанках, гаспадыня збірала зверху смятану – густы, тлусты слой. Назапашвала смятаны ўдосталь і біла з яе ў бойцы масла.

         Масла білі ўручную. Калатоўка шпарка бегала зверху-ўніз, зверху-ўніз. Бегала доўга і без перадыху, каб смятана ў бойцы не астыла. Збіўшы масла, злівалі ў збанкі маслёнку. Кіславатая, з залацістымі крупінкамі масла, яна смачна сёрбалася потым з цёплай бульбай.

         Звярніце, калі ласка, увагу на гліняны посуд. Ён і сёння карыстаецца попытам. Прыгожа глядзіцца ён і на кухоннай паліцы, і на абедзенным стале. А ў нашых прашчураў гліняныя вырабы былі на любы густ і для розных патрэб.

          Гэта – збанок. Пасудзіна добра вядомая. У ім звычайна трымалі малако: доўга не скісае, а ў гарачыню – халоднае. Мае ручку і носік-дзюбку, каб тое ж малако лёгка, роўным струменчыкам лілося ў міску ці ў кубак.

        Вось і закончылася наша падарожжа. Ці спадабалася вам ў гасцях ў дзеда Васіля і бабкі Ганны? Давайце развітаемся з бабулей і дзядулей. А зараз трэба вяртацца назад. Давайце зноў закрыем з вамі вочкі і зробім тры крокі назад. Вось мы і вярнуліся з падарожжа па сялянскай хаце. Скажыце, а што больш за ўсё вам спадабалася, а, можа, і здзівіла?

       Якія асаблівасці інтэр’ера сялянскай хаты захаваліся і дайшлі да нашых дзён?

Што не знойдзеш у сучасным жыллі?

Якія рэчы сялянскай хаты вы хацелі б мець у сваёй кватэры?

 

ЛІТАРАТУРА:

  1. Читаем детям : хрестоматия : пособие для педагогов учреждений дошкольного образования. В 3 т. Т. 1. До 3 лет / сост.: А. Н. Саченко, Л. А. Смаль. — Минск: Экоперспектива, 2015.
  2. 2. Дубініна, Д. М.Родная прырода ў вуснай народнай творчасці: дапаможнік для педагогаў устаноў дашкольнай адукацыі / Д. М. Дубініна, А. А. Страха, Д. У. Дубінін. — Мазыр : Белы Ве- цер, 2014
  3. . 3. Залаты клубочак: загадкі, лічылкі, скорагаворкі / уклад. У.А. Васілевіч; маст. Т. П. Беразенская. — Мінск: Маст. літ., 2007.
  4. 4. Мудрасць жыцця: прыказкі, прымаўкі / уклад. А. I. Гурскі; маст. Т. П. Беразенская. — Мінск: Маст. літ., 2007.

 

Меню раздела