Метадычныя рэкамендацыі для выхавальнікаў па фарміраванні нормаў культурных паводзін дзіцяці ў час прыёму ежы
У дзіцячым садзе ў працэсе зносін з дарослымі і аднагодкамі працягваецца фарміраванне навыкаў і звычак культурных і арганізаваных паводзін. Ускладняюцца патрабаванні да паводзін дзяцей. Асаблівую ўвагу выхавальнік звяртае на ўсвядомленасць і абавязковасць выканання правілаў дзіцячага саду, адным з якіх з'яўляецца правіла засваення сталовага этыкету.
У дзіцячым садзе навучанне правілам паводзін за сталом адбываецца як на спецыяльных занятках, так і штодня падчас прыёму ежы. Дзеці знаёмяцца з рознымі відамі посуду (кухоннай, сталовай, чайнай) і сталовых прыбораў, засвойваюць правілы карыстання імі. Каб атрыманыя ўменні сталі звычкай, патрэбай дзіцяці, неабходна падмацоўваць іх станоўчым прыкладам дарослых – выхавальнікаў і бацькоў. Чысціня, парадак, прыгожая сервіроўка, павольная сумесная трапеза павінны стаць штодзённай нормай.
У цяперашні час правілы сталовага этыкету сталі агульнапрынятымі формуламі паводзін у час прыёму ежы. Іх можна ўмоўна падзяліць на некалькі груп.
- Як сядзець за сталом (спіну трымаць прама, локці злёгку прыціснуць да тулава, запясцямі дакрануцца да краю стала, галаву злёгку нахіліць, ногі паставіць разам, да стала ўшчыльную не падсоўвацца; за стол трэба садзіцца ў чыстым выглядзе, з чыста вымытымі рукамі).
- Як карыстацца сталовымі прыборамі і прыладамі (лыжку трымаць у правай руцэ, падносяць да рота шырокім бокам, бліжэй да завужанага края, змесціва павольна выліваюць у рот; відэлец можна трымаць і ў правай і ў левай руцэ: у правай – калі стол сервіраваны толькі відэльцам, у левай – калі відэльцам і нажом; папяровай сурвэткай карыстаюцца адзін раз, пры неабходнасці бяруць іншую, а выкарыстаную, выцершы рот і пальцы і злёгку скамячыўшы, кладуць на край талеркі).
- Што, чым і як есці (суп ядуць лыжкай, катлету – відэльцам, макароны, амлет – толькі відэльцам, ягады – дэсертнай лыжкай і г. д.).
- Якія павінны мець зносіны за сталом (казаць напаўголаса, ветліва звяртацца з просьбамі – «Падайце, калі ласка», «Будзьце ласкавы»; не гаварыць з поўным ротам).
- Як правільна і прыгожа сервіраваць стол (улічваючы законы сервіроўкі і эстэтыкі).
Задачы навучання правілам сталовага этыкету.
Замацоўваць уменне захоўваць правільную паставу падчас ежы.
Удасканальваць уменне сервіраваць стол у адпаведнасці з сітуацыяй (сняданак, абед, чаяванне, вячэра, дзень нараджэння, Новы год).
Удасканальваць тэарэтычныя веды аб тым, што, як і чым ядуць і адпаведныя практычныя навыкі.
Удасканальваць навыкі зносін за сталом.
Фарміраваць эстэтычны густ, практыкаваць ва ўменні сервіраваць стол, выкарыстоўваючы вынікі сваёй творчай плённай дзейнасці (вазачкі, падстаўкі, кольцы для сурвэтак, імянныя таблічкі).
Патрабаванні да заняткаў па этыкету:
Матывацыйнае забеспячэнне: прыцягваць той ці іншы знешні матыў (перайманне літаратурнаму персанажу, заслужыць прызнанне дарослага).
Эстэтычнае забеспячэнне: прыгажосць, гарманічнасць ў падборы матэрыялаў.
Форма арганізацыі: гульні-заняткі, заняткі-практыкумы.
Асаблівасці ўзаемадзеяння з дзецьмі: апора на іх жыццёвы вопыт, забеспячэнне зразумелага, цікавага дзецям матыву дзейнасці на занятках.
Патрабаванні да выхавальніка:
Кампетэнтнасць (веданне правілаў сталовага этыкету, пісьменнае планаванне працы, адказнасць за атрыманне канкрэтных вынікаў).
Пісьменны паказ узору прымянення правіла (маўленчыя формулы ветлівасці, карыстанне сталовымі прыборамі, знешні выгляд, тактоўнасць).
Наяўнасць агульнай культуры.
Добразычлівасць ў зносінах з дзецьмі, здольнасць своечасова аказаць дзіцяці своечасовую псіхалагічную падтрымку.
Уменне ўзаемадзейнічаць з дзіцем.
Здольнасці ў правядзенні асветніцкай работы сярод бацькоў.
Арганізацыя дзяжурстваў.
У групе дзеці павінны цалкам авалодаць навыкамі дзяжурства па сталовай. Выхавальнік паказвае рацыянальныя прыёмы працы, дае парады, прывучае выконваць працу хутка, у пэўны тэрмін. Неабходна выкарыстоўваць і такі прыём, як прыцягненне дзяцей да аналізу працы дзяжурных. Спачатку педагог выслухоўвае меркаванні выхаванцаў і толькі затым выказвае сваё меркаванне, абавязкова адзначаючы прычыны поспеху або няўдачы.
Цікавасць да дзяжурства падтрымліваецца ў дзяцей за кошт пашырэння зместу працы дзяжурных (напрыклад, прыгожа раскладваць сурвэткі ў сурвэтніцы, дапамагаць памочніку выхавальніка прынесці з кухні хлеб, садавіну). Працу дзяжурных трэба спалучаць з арганізацыяй самаабслугоўвання дзяцей. Так, дзяжурныя накрываюць сталы, а падчас прыёму ежы дзеці самастойна складаюць стосікам на сярэдзіну стала выкарыстаныя талеркі і па заканчэнні ежы адносяць на гаспадарчы стол кубкі са сподкамі. Пры гэтым важна паназіраць за тым, каб дзеці не затрымліваліся ля раздатачнага стала і не стваралі там бязладзіцы. Гэтага не будзе, калі дзеці прывучаны з малодшага ўзросту складаць посуд акуратна.
Вельмі важны і дызайн адзення дзяжурных. Ён павінен адпавядаць пэўным патрабаванням:
- арыгінальнасць,
- эстэтычнасць,
- практычнасць,
- зручнасць,
- спалучэнне з афармленнем групавога памяшкання.
Дзяжурныя назначаюцца выхавальнікам. Аб'ядноўваючы дзяцей для дзяжурства, варта ўлічваць іх навыкі, асаблівасці паводзін і ўзаемаадносіны. Спісы дзяжурных добра складаць разам з дзецьмі. Чаргу абмаўляць загадзя ў пачатку года: дзяжураць «парамі» ці «тройкамі», дзяжурныя мяняюцца штодня або дзяжураць па 2 дні запар. Лагатыпы «пары» ці «тройкі» дзяжурных выстаўляюцца ў кутку дзяжурных.
Выхавальнік павінен прадумаць і афармленне кутка дзяжурстваў: ён павінен быць лаканічным, яркім, зразумелым дзецям.
Падрыхтоўка групавы пакоя да прыёму ежы.
Неабходна:
праветрыць памяшканне і па магчымасці захаваць аднабаковае праветрыванне на працягу ўсяго працэсу ежы;
стварыць абстаноўку спакойных зносін, які накіроўвае дзяцей на ежу;
сервіроўка стала наступная: абрус або сурвэткі пад кожны прыбор, гігіенічныя сурвэткі, талеркі для першай і другой стравы, сталовыя прыборы (лыжка, відэлец, нож – па неабходнасці, хлебніцы).
Тэхналогія раздачы ежы:
сервіраваць сталы памочнік выхавальніка з дапамогай дзяжурных пачынае пасля атрымання ежы, калі ўсе дзеці займаюцца гігіенічнымі працэдурамі, і заканчвае да моманту гатоўнасці першага дзіцяці прыступіць да ежы;
пажадана выкарыстоўваць сервіравальныя каляскі, на якім павінен быць падрыхтаваны сталовы посуд і 1-я страва;
калі выхавальнік скончыць працу з дзецьмі ў умывальным пакоі, ён падключаецца да арганізацыі прыёму ежы;
трэба ведаць аб'ём порцый для дзяцей рознага ўзросту, умець парцыяніраваць ежу, прыгожа яе афармляць;
пажадана падачу кожнай стравы суправаджаць «паведамленнем» аб тым, як трэба правільна яе есці, у чым яе асноўная карысць;
змену страў пачынаць пасля таго, як дзіця з'есць папярэднюю страву.
Пасля ежы дзіця адразу ж павінна прапаласкаць рот і горла – праз 4-5 мін. гэтая працэдура не дасць аздараўленчага эфекту.