Лічылкі і забаўлянкі

     Лічылкі і забаўлянкі

 

 

Чыстагаворка

Я – чырвоны цягнічок,

Чысты чорненькі бачок.

Па чыгунцы я імчу,

Грукачу, крычу, свішчу – ЧУ-ЧУУУУУ!

 

 

Лапатушкі-хуткамоўкі

І зусім

Не крыллем птушкі —

Языкамі лапатушкі,

Хутка мовячы, лапочуць,

Сакатушкамі сакочуць.

 

***

Бач,

Як навастрылі вушкі

Хуткамоўкі-балбатушкі.

І балбочуць, і якочуць.

Ці не збегчы з дому хочуць?

 

***

У нябачанай кватэры

Дзверы

Зробіма з паперы.

Хуткамоўкі змоўкнуць крышку,

Покуль не адчынім кніжку.

 

***

Пасвішчы на пасвішчы,

Курапатак пасвячы.

А, каркуючы карчы,

Пра харчы карцу крычы.

 

***

Спакойна шпакоўню ціхую

Шукае шпак са шпачыхаю.

 

***

Ехалі ў вясёлай згодзе

Параход на карагодзе,

Карагод на параходзе.

Ім казала пара: годзе!

 

***

Калі жывеш на хутары,

З кампутарам пагутары.

 

***

Не наступі на золку

На золкую зёлку.

 

***

Каштуе колькі колкі

Кончык іголкі?

 

***

Каню не кажы,

Што канюшына ў кашы.

 

***

Рэха вывалілася з арэха

І паехала ў рэхава.

 

***

Мулка зроку ў змроку,

Гулка ўранні кроку.

 

***

Звалілася з вяза ваза,

А з бука

Азбука.

 

***

У Клічава сваё клічава.

У Крычава сваё крычава.

У Лепеля сваё лепліва.

У Магілёва сваё імглёва.

Народныя забаўлянкі

Коцік-коцік-коцік,

Цёпленькі жывоцік.

Кіці-кіці-кіці,

Востранькія кіпці.

***

   

 

Тра-та-та,

Тра-та-та,

Выйшла кошка за ката,

За катом ёй добра жыць,             

Бо не трэба тапкі шыць.

Мякенькія лапкі –

І не трэба тапкі!

***

Пайшоў каток у лясок,

прынёс каток паясок.

Пайшоў каток на ганачак,

прынёс нам абараначак.

Пайшоў каток на рыначак,

прынёс каток разыначак.

Пайшоў каток на таржок,

прынёс каток піражок.

Пайшоў каток на вулку,

прынёс нам хлеба булку

                           

***

Кую-кую ножку,

паеду ў дарожку,

куплю чаравічкі,

малы, невялічкі,

кую, кую другую,

паеду ў даўгую.

Дарожка –даўгая,

а ножка – малая.

 

***

Сарока-варона

кашу варыла,

дзетак карміла,

гэтаму – дала,

гэтаму – дала,

гэтаму – дала,

гэтаму – дала,

а гэтаму – не дала.

Ты самы малы,

вады не насіў,

дроў не калоў,

круп не малоў.

Бяжы да крыніцы,

прынясі вадзіцы,

усім нам напіцца –

тады дам табе кашы.

Тут пень, тут калода,

тут мох, тут балота,

а тутака крыніца – сцюдзёна вадзіца

пацякла-пацякла-пацякла!

 

***

Ладу-ладу-ладкі,

Пабіліся бабкі

За камок цеста

Пасярод места,

За скарыначку

Сярод рыначку.

А вы, бабачкі,

Вы не біцеся,

Вы купіце піражок,

Памірыцеся!

 

***

Ладкі ладком,

Піражкі з мядком,

Кашка з алеем,

Есці не ўмеем.

Васіль Вітка: Лічылка

Раз, два, тры, чатыры -

Зайчык вушы натапырыў.

 

Ідзе з лесу воўк, воўк

І зубамі: шчоўк, шчоўк.

 

Мы схаваемся ў кусты:

Зайка, я, і ты, і ты.

 

Ты ж, ваўчына, пачакай,

Як схаваемся - шукай.

 

Забаўлянкі

Лес, палянка,

Горка, ямка,

А там халодная вадзіца.

(Малому дзіцятку кудлацяць валасы, потым гладзяць па лобіку, водзяць пальцам па носіку, па роціку, казычуць пад шыйкай і кажуць гэтыя словы.)

 

Мішка, Грышка і Шчыпай

Ехалі на лодцы.

Мішка, Грышка патанулі,

Хто застаўся ў лодцы?

(Дзіцё адказвае "Шчыпай", і яго пачынаюць шчыпаць)

 

Хоп-дзюк, хоп-дзюк,

А я добры дзяцюк.

І на конікі канюх,

І на волікі пастух,

І на качкі стралец,

І на дзевак маладзец.

 

Я пашыю гусьцы тапкі,

Бо памерзлі ў гусьцы лапкі.

О-я-яй, о-я-яй,

Гуська, тапкі абувай.

 

Паня сына радзіла,

На коніка садзіла.

Канёк вараненькі,

Панічок маленькі.

Гуца конік да вады,

Шаўковыя павады.

Канёк не напіўся,

Панічок зваліўся.

 

Гоп, гоп, гоп…

Еду я на коніку.

Скок, скок, скок…

Еду я да доміка.

Гоп, гоп, гоп…

А ў доміку госці.

Скок, скок, скок,

Паны ды ягамосці.

 

Кую, кую ножку -

Паедзем у дарожку,

За чатыры мілі,

Па масла, па сыры,

Дарожка крывая,

Кабылка храмая,

А ножка малая.

 

Кую, кую пятку,

Я паеду к татку.

А ў нашага татка

Ды на гары хатка.

І садок, і мядок,

І цыбулькі градка.

 

Кую, кую ножку,

Паеду ў дарожку,

Дарожка крывая,

Кабылка сляпая.

Еду, еду, еду,

Ніяк не даеду.

Прыпрагу сароку,

Паеду далёка,

У новай кашулі,

Да свайго дзядулі.

Дзед дасць піражочак

І сыра кусочак.

 

Шла каза рагатая,

Парола дзіця пузатае,

Шоў следам ваўчок,

Шчыпнуў за бачок.

Народныя лічылкі

Раз, два, тры, чатыры,

Пяць, шэсць, сем, восем,

Выйшла баба з доўгім носам,

А за бабай сівы дзед,

Колькі дзеду таму лет?

 

Раз, два - рукава,

Тры, чатыры - нос ў чарніле,

Пяць, шэсць - кашу есць,

Сем, восем - сена косім,

Дзевяць, дзесяць

Мішу просім.

 

Раз, два - кружава,

Тры, чатыры - пачапілі,

Пяць, шэсць - кашу есць,

Сем, восем - сена косім,

Дзевяць, дзесяць - грошы весіць.

Грош згубілі, два знайшлі

У карчму усе пайшлі:

Чай п'юць, кружкі б'юць,

На стол грошыкі кладуць.

 

Раз, два - булдава,

Тры, чатыры - пачапілі,

Пяць, шэсць - недзе сесць,

Сем, восем - сена косім,

Дзевяць, дзесяць - сена весіць.

 

Раз, два, тры, чатыры,

Кошку грамаце вучылі:

Не чытаць, пе пісаць,

А за мышкамі скакаць.

 

Раз, два, тры, чатыры,

Мяне грамаце вучылі:

Не чытаць, не пісаць,

Толькі ў гюплясы скакаць.

Я скакала, я скакала,

Сабе ножку я зламала.

 

Раз, два, тры, чатыры,

Мы стаялі на кварціры,

Чай пілі, кружкі білі,

Па капейцы заплацілі.

Адам, Сцяпан, падай стакан!

Падай лімон - убірайся вон!

 

Раз, два, тры, чатыры, пяць,

Выйшаў зайчык пагуляць,

А за зайцам - шэры воўк,

Воўк у зайцах знае толк.

 

Раз, два, тры, чатыры, пяць,

Выйшаў зайчык пагуляць.

А за зайчыкам луна,

Просіць выйсці калдуна.

 

Раз, два, тры, чатыры, пяць,

Выйшаў зайчык пагуляць.

Трох ахотнічкаў напала,

Майго зайчыка злапала.

Піф-паф, о-ё-ёй,

Памірае зайчык мой.

Прыняслі яго дамой,

Паглядзелі - ён жывой.

 

Раз, два, тры, чатыры,

Пяць, шэсць, сем, восем,

Мы цябе,стукач, папросім.

 

Раз, два, тры, чатыры, пяць,

Выйшаў месяц пагуляць,

А за месяцам луна

Аставайся ты адна.

 

Раз, два, тры, чатыры, пяць,

Шэсць, сем, восем, дзевяць, дзесяць,

Выплыў белы месяц,

А за месяцам луна,

Хлопчык дзеўчыны слуга.

- Ты, слуга, падай карэту,

А я сяду і паеду.

Ты, слуга, падай лімон,

А я свісну, а ты - вон!

 

Раз, два, тры, чатыры, пяць,

Шэсць, сем, восем, дзевяць, дзесяць,

Выплывае белы месяц,

А за месяцам луна,

Выйшла дзевіца-слуга.

- Ты, слуга, падай карэту,

А я сяду і паеду,

Ты, слуга, падай мятлу,

А я хату падмяту.

 

Раз, два, тры, чатыры, пяць,

Шэсць, сем, восем, дзевяць, дзесяць,

Цар вялеў мяне павесіць.

А нядоўга я вісеў:

Вецер дунуў - я зляцеў.

 

 

 

Ляцеў лебедзь,

Лічыў дзесяць,

Цар хацеў мяне павесіць,

А царыца не дала

І павесіла цара.

Цар вісеў, вісеў, вісеў

І ў памыйку уляцеў,

Усю памыйку аблізаў

І спасіба не сказаў.

 

Сем семярэй

І сямёра свіней.

Свінка і свінчын брат

І сямёра парасят.

 

Бег сабачка цераз мост,

Чатыры лапы, пяты - хвост.

 

Я сядзеў, чытаў газету,

Нехта выпусціў ракету.

Раз, два,тры

Гэта, верна, будзеш ты.

 

Сядзіць немец на паліцы,

Лічыць дзеці на вуліцы:

- Айн, цвай, драй, Міша, вылятай.

 

Сядзіць зайчык на прыпечку,

Лічыць дзеці па-нямецку:

- Сцяпан, Лявон,

Выйдзі з хаты вон!

 

Первенчыкі,

Другенчыкі,

Кругі,

Другі Вон!

 

Дружэньчыкі,

Бярвеньчыкі.

Я шышаў,

А ты выйшаў.

Ехаў мужык па дарозе,

Зламаў кола на парозе.

Колькі патрэбна гваздзей,

Кажы хутчэй!

 

Ехаў мужык па дарозе,

Зламалася калясо ў возе.

Колькі трэба спіц,

Каб калясо пачыніць?

 

Едзе брычка, званок звоне,

Выйшла пані лічыць коні:

- Раз, два, тры,

Выйдзі, малы, ты.

 

Стаяла машына

Каля канторы,

Нумар дзевяты

Выйдзі, пузаты.

 

Ані-бані, што пад вамі,

Пад жалезнымі стаўбамі?

Унчык-бунчык, сам гарбунчык,

Серабраны крэст.

 

Ані-бані, што пад намі,

Пад жалезнымі стаўпамі?

Сіта, пліта, квас,

Адыйдзі, дуірак, ад нас.

 

Ані, Вані,

Што пад вамі,

Пад жалезнымі стаўбамі?

Цып, бразь,

Выйдзі, князь.

 

Нітачка, голачка,

Сіня сцяколачка,

Рыба карась,

А ты убірайсь!

 

Меню раздела