Выкарыстанне дыдактычнай гульні на занятках па развіццю беларускага маўлення і маўленчых зносін
Дыдактычная гульня як форма навучання дзяцей мае два пачаткі: вучэбны (пазнавальны) і гульнявы (займальны). Выхавальнік у гульні адначасова выступае у ролі настаўніка і ўдзельніка гульні. Ён вучыць і гуляе, а дзеці ў гульні вучацца. Калі на занятках пашыраюцца і паглыбляюцца веды пра навакольны свет, то ў дыдактычнай гульні (гульнях-занятках, уласнадыдактычных гульнях) дзецям прапаноўваюцца заданні ў форме загадак, сказаў, пытанняў.
Гульня фарміруе станоўчы эмацыянальны пад”ём, спрыяе добраму самаадчуванню і разам з тым патрабуе значнага напружання нервовай сістэмы. Асабліва важныя гульні з дыдактычнымі цацкамі, дзе развіваецца і ўзмацняецца мелкая мускулатура рук, а гэта ў сваю чаргу ўплывае на разумовае развіццё, на падрыхтоўку рукі да пісьма. З пункту гледжання некаторых аўтараў асноўная асаблівасць дыдактычных гульняў звязана з іх назваю: гэта гульні навучальныя. Яны спрыяюць развіццю пазанвальнай дзейнасці, інтэлектуальных аперацый, якія складаюць аснову працэсу навучання. Але дзіця ў гульні прыцягвае не навучальная задача, якая ў ёй закладзена, а магчымасць праявіць актыўнасць, выканаць гульнявое дзеянне, дасягнуць выніку, атрымаць перамогу. Аднак калі ўдзельнік гульні не валодае ведамі, разумовымі аперацыямі, якія вызначаны навучальнымі мэтымі, ён не будзе мець магчымасці паспяхова выканаць гульнявыя дзеянні.
Паводле З.М.Багуслаўскай і А.К.Бандарэнкі арганізацыя педагогам дыдактычных гульняў ажыццяўляецца ў трох асноўных напрамках: падрыхтоўка, правядзенне гульні і яе аналіз.
У падрыхтоўку да правядзення дыдактычнай гульні належаць:
выбар гульні ў адпаведнасці з мэтамі выхавання і навучання, паглыбленне і абагульненне ведаў, развіццё сэнсорных здольнасцяў, актывізацыя псіхічных працэсаў (памяць, увага, мысленне, маўленне);
устанаўленне адпаведнасці выбранай гульні праграмным патрабаванням выхавання і навучання дзяцей канкрэтнай ўзроставай групы;
вызначэнне найбольш удалага часу для правядзення дыдактычнай гульні (у працэсе арганізаванага навучання на занятках або ў вольны ад заняткаў час ці іншых рэжымных працэсаў);
выбар месца для гульні, дзе дзеці могуць спакойна гуляць, не перашкаджаць адзін аднаму(такое месца, як правіла, групавы пакой або ўчастак);
вызначэнне колькасці ўдзельнікаў гульні (уся група, невялікія падгрупы, індывідуальна);
падрыхтоўка неабходнага дыдактычнага матэрыялу для выбранай гульні (цацкі, розныя прадметы, малюнкі, прыродны матэрыял);
падрыхтоўка да гульні самого выхавальніка: ён павінен усвядоміць і асэнсаваць ход гульні, сваё месца ў працэсе гульні, метады кіраўніцтва працэсам;
падрыхтоўка дзяцей да гульні: узбагачэнне іх ведамі, уяўленнямі пра прадметы і зявы навакольнага жыцця, якія неабходныя для вырашэнны задачы гульні.
Правядзенне дыдактычных гульняў уключае:
знаёмства дзяцей са зместам гульні, з дыдактычным матэрыялам, які будзе выкарыстаны ў гульні (паказ прадметаў, малюнкаў, кароткая размова, у працэсе якой удакладняюцца веды і ўяўленні дзяцей пра іх);
тлумачэнне ходу і правілаў гульні; важна, што выхавальнік звяртае ўвагу на паводзіны дзяцей у адпаведнасці з правіламі гульні, на дакладнае выкананне правілаў (што правілы гульні забараняюць, што патрабуюць, што можна рабіць);
паказ гульнявых дзеянняў, у працэсе якога выхавальнік вучыць дзяцей правільна выконваць дзеянні, паказваць, што інакш гульня не будзе мець выніку (напрыклад, гульня не мае сэнсу, калі насуперак правілам дзеці падглядваюць, калі трэба закрыць вочы);
вызначэнне ролі выхавальніка ў гульні, яго ўзел у якасці ўдзельніка гульні, балельшчыка ;
падвядзенне вынікаў гульні - гэта адказны момант кіраўніцтва гульнёю, бо па выніках, якіх дзеці дасягнулі ў гульні, можна меркаваць пра яе эфектыўнасць, пра тое ці будзе цікавая гэтая гульня ў самастойнай гульнявой дзейнасці дзяцей.
Аналіз праведзенай гульні скіраваны на выяўленне прыёмаў яе падрыхтоўкі і правядзення: якія прыёмы гульні аказаліся найбольш эфектыўнымі ў дасягненні пастаўленай мэты, што перашкодзіла ажыццяўленню пастаўленай мэты і чаму. Гэта дапаможа ўдасканаліць як падрыхтоўку да гульні, так і сам працэс яе правядзення, дасць магчымасць пазбегнуць памылак у будучым. Акрамя таго аналіз гульні дазваляе выявіць індывідуальныя асаблівасці паводзінаў, характару дзяцей, а, значыць, правільна арганізаваць індывідуальную работу з імі.
Пры арганізацыі дыдактычных гульняў у старэйшай групе важна ўлічваць большыя магчымасці дзяцей ў параўнанні з дзецьмі малодшага ўзросту. У гэтым ўзроставым перыядзе дзецям уласціва цікаўнасць, назіральнасць, цікавасць да ўсяго новага, незвычайнага: дзецям хочацца самім адгадаць загадку, знайсці правільнае рашэнне задачы, выказаць уласнае меркаванне. З пашырэннем абёму ведаў адбываюцца змены і ў характары разумовай дзейнасці. Па гэтай прычыне важна пры выбары гульні значную ўвагу ўдзяляць ступені цяжкасці правілаў гульні і дзеянняў у яе працэсе. Апошнія павінны быць такімі, каб праз іх ажыццяўленне дзеці выяўлялі разумовыя і валявыя намаганні.
Значнае месца ў дыдактычных гульнях займаюць матывы спаборніцтваў: дашкольнікі маюць магчымасць дзейнічаць самастойна як у выбары гульні, так і ў творчым вырашэнні яе задач.
Роля выхавальніка таксама мяняецца. Але нават і тут педагог дакладна, эмацыйна знаёміць дзяцей з яе зместам, правіламі і дзеяннямі, правярае, як удзельнікі гульні іх зразумелі, дарослы гуляе разам з дзецьмі, каб замацаваць веды, уменні і навыкі. Потым ён прапаноўвае дзецям пагуляць самастойна і спачатку сочыць за дзеяннямі ўдзельнікаў гульні, выступае ў якасці арбітра ў спрэчных сітуацыях. Аднак не ўсе гульні патрабуюць такога актыўнага ўдзелу выхавальніка. Нярэдка яго ўдзел абмяжоўваецца тлумачэннем правілаў перад яе пачаткам. Найперш гэта датычыць настольна-друкаваных гульняў.
Такім чынам, кіраўніцтва дыдактычнымі гульнямі ў старэйшым дашкольным узросце патрабуе большай прадуманасці ў працэсе іх падрыхтоўкі і правядзення. Гэта датычыць ўзбагачэння дзяцей адпаведнымі ведамі, падбор адпаведнага дыдактычнага матэрыялу, а часам і падрыхтоўкі яго разам з выхаванцамі, арганізацыі абстаноўкі гульні, а таксама дакладнае вызначэнне сваёй ролі ў гульні.
З дапамогаю гульняў-заняткаў выхавальнік не толькі передае пэўныя веды, фарміруе ўяўленні, але і вучыць дзяцей гуляць. Асновай для гульняў зяўляюцца сфармуляваныя ўяўленні пра пабудову сюжэта гульні, пра разнастайныя гульневыя дзеянні з прадметамі. Важна, каб былі створаны ўмовы для пераносу гэтых ведаў і ўяўленняў у самастойныя творчыя гульні.
Наогул жа дыдактычны матэрыял павінен адпавядаць высокім гігіенічным і эстэтычным патрабаванням: цацкі павінны быць яркімі, цікавымі, мець высокі ўзровень мастацкага афармлення. Такі дыдактычны матэрыял прыцягвае ўвагу дзяцей, выклікае жаданне гуляць.
З дапамогаю дыдактычных гульняў выхавальнік выпрацоўвае ў дзяцей навык самастойна мысліць, выкарыстоўваць атрыманыя веды ў самых разнастайных умовах у адпаведнасці з пастаўленай задачай.
Літаратура:
Лях, Н.І. Беларускія народныя гульні ў фізічным выхаванні дзяцей дашкольнага ўзросту (з вопыту работы) / Н.І.Лях . - 2-евыд. - Мінск : Зорны Верасок , 2017 . - с. 21.