Грамадзянска-патрыятычнае выхаванне моладзі...
Асаблівую ўвагу дзяржава звяртае на грамадзянска-патрыятычнае выхаванне моладзі. Яно павінна быць накіравана на тое, каб маладыя людзі з дзяцінства вучыліся любіць сваю Радзіму, адчувалі ўпэўненасць у будучыні і мелі жаданне зрабіць сваю краіну лепш.
БЕЛАРУСЬ – дзівосная зямля, выпешчаная Богам, напоўненая яго міласэрнай духоўнасцю. Тут заўсёды можна знайсці духоўны прытулак, творчае натхненне. Наш край – разнастайны: лясны і азёрны, сплецены рэчкамі і рэкамі, адметны і балотамі. Яго трэба ведаць. І ведаць дэталёва, ведаць з дзяцінства, каб любіць і ганарыцца ім, каб творча працаваць і наладжваць гарманічныя адносіны з навакольнай прасторай і між сабой, каб паўсюль ствараць радасць.
Наша краіна – Беларусь- існуе ў двух аспектах: аб’ектыўным і суб’ектыўным. Як частка зямной паверхні Беларусь выступае ў трох абліччах (гэта таксама, як і іншыя краіны, блізкія і далёкія): фізічным, інтэлектуальным і духоўным. Найбольш даследавана яна на фізічным узроўні, створана яе фізічнае аблічча. У навучальных установах дэталёва знаёмяцца з характэрнымі рысамі і адметнасцямі Беларусі аб’ектыўнай – той прасторы, што існуе аб’ектыўна, без умяшальніцтва людзей у працэс яе развіцця. А выхаванцы дзіцячых садоў мусяць ведаць асноўныя звесткі пра Беларусь, якія вобразна і запамінальна перадаюцца ў сімвалах. Сімвалы гэтыя асабліва адметныя. Напрыклад, у кожнага народа ёсць свій герб, сцяг, гімн. Гэта – сімвалы, што абазначаюць еднасць народа, яго духоўную моц, згуртаванасць, пераемнасць пакаленняў. Ёсць такія сімвалы і ў Беларусі. Іх неабходна ведаць, шанаваць і ўмела прапагандаваць сярод дзяцей ужо з самага ранняга узросту. Каб умацавалася повязь часоў, светлых памкненняў і мараў!
Характэрная адметнасць нашай зямлі – наяўнасць вялікай колькасці лясоў, азёраў, рэк і рачулак. Таму лагічна, што выступаюць сімваламі Беларусі:
як лясной зямлі – Палессе
Белавежская пушча;
як азёрнай - Нарач, Свіцязь…
На Беларусі налічваецца больш за 20 тысяч рэк і рэчак. Найбольш паўнаводныя – Дняпро, Прыпяць, Заходняя Дзвіна, Сож, Бярэзіна, Нёман,Вілія. Кожная з гэтых рэк можа быць сімвалам Беларусі - рачной, бо яны ўслаўлены не толькі ў мастацкіх творах, з імі звязаны многія гістарычныя падзеі.
А якое ж дрэва нагадвае пра наш край? (Тут нават паміж вучонымі згоды няма.) Мабыць,сасна. Бо больш за дзве трэці лясных дрэў – сосны. І яны суправаджаюць беларусаў ад нараджэння да скону. А ў народных песнях на першым месцы – вярба. У жыццё беларусаў актыўна ўваходзяць і дуб, бяроза, ліпа, явар. А сядзібы ўпрыгожваюць вішня і рабіна.
Кветкавы сімвал Беларусі – васілёк – увайшоў у эмблему “Славянскага базару”. Журавіны і маліны з’яўляюцца такой самай часткай нашага жыцця, рэальнага і духоўнага, як бульба і жыта.
Свет жывёлаў прадстаўляюць зубр і бусел. Хоць узнікаюць асацыяцыі пра такіх звяроў, як заяц і вожык, дзік і бабёр, лось і воўк, а птушак – верабей, варона, сарока, шпак, жаўрук і іншыя.
Нам трэба больш пазнаёміцца і з той прастораю, якая ўзвышаецца над намі. Гэта – неба. Дзеці заўсёды цікавяцца сонцам і месяцам, зоркамі і аблакамі. Таму лагічна ўваходзяць у расповед пра родны край і звесткі пра нябесныя аб’екты – Сонца, Месяц, сузор’і Вялікую і Малую Мядзведзіцы, Касіяпею, Палярную зорку.
А Беларусь – не толькі частка еўрапейскага кантынента, на якой разгортваюцца разнастайныя жыццёвыя працэсы. Наша зямля дзейнічае і ў духоўна-інтэлектуальным аспекце. Тут пушчы і гаі, рэчкі і азёры, лугі і балоты ўтрымліваюць велізарны аб’ём прыроднай духоўнасці і выпраменьваюць яе. Сама Беларусь з’яўляецца магутнай духоўна-энергетычнай зонай планеты. Аднак духоўна-інтэлектуальны аспект нашага краю з цяжкасцю ўспрымаецца людзьмі і амаль застаецца па-за іх увагаю. На практыцы духоўна-інтэлектуальная дзейнасць Беларусі – аб’ектыўнай засланяецца творча-вытворчымі поспехамі Беларусі – суб’ектыўнай, гэта значыць вынікамі працы людзей. У даследаваннях пра родны край адзначаецца толькі яго адзін узровень – фізічны. Аднак прыйдзе час і мы больш грунтоўна асэнсуем прыродныя духоўна –інтэлектуальныя працэсы, у якія арганічна ўключаюцца людзі.
Беларусь – суб’ектыўная – дзейнасць людзей, іх навукова-тэхнічныя пошукі, дасягненні ў эканоміцы, літаратуры, музыцы, выяўленчым мастацтве – асветлена больш шырока і рознаўзроўнева. Ужо ў маленстве мы знаёмімся з нацыянальнай спадчынай і адначасова атрымліваем урокі патрыятызму і грамадзянкасці.
Мы ганарымся нашымі гігантамі машынабудавання, сусветнавядомай тэхнікай– трактарамі, аўтамабілямі, сельскагаспадарчай тэхнікай, камбайнамі, прадукцыяй Беларускага металургічнага завода, Салігорскага калійнага камбіната, кандытарскімі прысмакамі “ Камунаркі”, “Спартака” і інш.
Творы ж айчыннай літаратуры, музыкі, выяўленчага мастацтва не толькі адлюстроўваюць хараство роднай зямлі, услаўляюць стваральную дзейнасць суайчыннікаў, але і перадаюць назапашаную прыродную энергію, што актыўна ўплывае на фарміраванне светапогляду юных грамадзянаў і ўзмацняе іх духоўны імунітэт.
Беларусь багатая на славутых людзей, творцаў. Кожны з іх годна прадстаўляе беларускі край, і яны становяцца часткаю нашага духоўнага жыцця. З маленства застаюцца ў памяці выхаванцаў імёны:
Ефрасіння Полацкая, Кірыла Тураўскі, Францішак Скарына, Мікола Гусоўскі, Янка Купала, Якуб Колас…
Гэта знакавыя асобы ў гісторыі духоўнага жыцця Беларусі. У прапанаваны спіс уключаюцца імёны дзеячаў беларускай культуры, творчасць якіх звязана з выхаваўчым працэсам. Сярод іх –літаратары:
Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч, Францішак Багушэвіч, Цётка,
Змітрок Бядуля, Максім Багдановіч, Кузьма Чорны, Уладзімір Караткевіч;
мастакі:
Напалеон Орда, Вітольд Бялыніцкі-Біруля,Язэп Драздовіч;
Кампазітары:
Ігар Лучанок, Несцер Сакалоўскі, Яўген Глебаў, Анатоль Багатыроў, Яўген Цікоцкі;
музычныя дзеячы:
Рыгор Шырма, Генадзь Цітовіч, Уладзімір Мулявін;
гістарычныя дзеячы:
Усяслаў Чарадзей, Вітаўтат, Леў Сапега, Радзівілы, Тадэвуш Касцюшка, Ігнат Дамейка, Кастусь Каліноўскі;
касманаўты:
Пётр Клімук, Уладзімір Кавалёнак.
У пашырэнні духоўнасці на Беларусі ўдзельнічалі ў мінулым тэатральныя калектывы Нясвіжа, Слоніма, Шклова, цяпер – ансамблі “Песняры”, “Сябры”, “Бяседа”, “Свята”, “Харошкі”, акадэмічныя драматычныя тэатры, народная харавая капэла імя Р.Шырмы, народны хор Беларусі імя Г. Цітовіча і інш.
З дзецьмі варта павесці размову пра гісторыка-культурныя рэгіёны Беларусі. Іх межы не супадаюць з адміністрацыйна-тэрытарыяльным дзяленнем краіны, а яднанне грунтуецца на духоўных адметнасцях (мова, песня, звычаі і абрады, адзенне, жыллё). Звычайна вылучаюць шэсць рэгіёнаў:
Паазер’е, Панямонне, Цэнтральная Беларусь,
Падняпроўе, Палессе Заходняе, Палессе Усходняе.
Гістарычна склалася так, што духоўны стрыжань таго ці іншага рэгіёна расцягваўся ўздоўж рэк: Дняпра, Дзвіны, Прыпяці, Нёмана. А гістарычныя шляхі рэгіёнаў сышліся ў Мінску. Вядома, шмат чаго знікла з аблічча Беларусі, але засталася духоўная спадчына. Яна адлюстравана ў фальклорна-этнаграфічных матэрыялах. Гісторыка –культурны агляд Беларусі разгортваецца па тэмах:
песня, танец, цымбалы, жалейка, адзенне, арнамент.
Адметнасць кожнага рэгіёна, як і ўвогуле краін, выяўляецца і ў забудовах. У залежнасці ад гістарычных перыпетый, часу ўзнікнення цяпер яны з’ўляюцца помнікамі ці ўзорамі дойлідства, а некаторыя з іх яга сімваламі. Карысным будзе пазнаёміцца з асноўнымі рысамі пабудоў на Беларусі і самім выхавальнікам і паведаміць пра гэта выхаванцам (тым болей, што дадзены матэрыял паслужыць спазнальнай ілюстрацыяй да казак, гістарычных апавяданняў для дзяцей). Аповеды пра жыллё падаюцца тэматычна:
сялянская сядзіба:
хата, хлеў, пуня, склеп, свіран;
шляхецкая сядзіба:
фальварак, маёнтак;
магнацкі комплекс:
замак, палацпарк, сад.
На Беларусі дзейнічаюць розныя рэлігійныя канфесіі. У гарадах, мястэчках, асобных вёсках прыцягваюць увагу богаслужэбныя пабудовы:
царква, касцёл, мячэць, сінагога, малітоўны дом.
Беларусь называлі краінай замкаў і палацаў. З маляўнічага мноства палацава-паркавых комплексаў засталіся адзінкі. Яны сталі своеасаблівымі сімваламі:
Мірскі замак, Нясвіжскі палац, Гомельскі палац…
У гэты шэраг арганічна ўваходзяць:
Полацкая Сафія, Барысаглебская царква (Каложа)…
Сёлета наша краіна адзначае 65-ю гадавіну вызвалення ад фашысцкай акупацыі. Сімваламі гераічнага змагання супраць ворага і перамогі над ім з’яўляюцца помнікі:
Брэсцкая крэпасць, помнік Перамогі ў Мінску, мемарыяльны комплекс “Прарыў”.
Горыч пакутаў і жаху, прынесеных фашыстамі на беларускую зямлю, увасоблены ў мемарыяльным комплексе “Хатынь”.
З кожным годам у нашай краіне павялічваецца колькасць помнікаў гісторыі, культуры, архітэктуры, прамысловасці, устаноўленых на ўшанаванне велічных спраў нашых папярэнікаў. Гэтыя мастацкія творы абуджаюць гістарычную памяць сучаснікаў, робяцца для іх своеасаблівым духоўным асяродкам.
Беларусь – шматаблічная зямля, напоўненая прыродным высакародным духам. Яна спазнаецца не адразу, але першыя крокі ўспрымання і спазнання пачынаюцца ў маленствею. І лагічнае абагульненне ўспрынятага адбываецца там. Надзвычай станоўчы вынік тады, калі гэта робіцца своечасова і ўмела, з дапамогай старэйшых.
Вядома, не ўсё з духоўнай і матэрыяльнай культуры Беларусі, што пазначана вышэй, асветліцца на занятках з дзецьмі. Але ў гэтым кірунку трэба рухацца.
Каб беззаветна любіць свой край, Радзіму і быць уважлівымі да суседзяў, трэба мець развітую душу, здольную тонка ўспрымаць і перажываць. Душою чалавек яднаецца з людзьмі, з навакольнай прастораю, з Космасам. Яна поўніцца любоўю і сілкуецца ёю. Наша любоў да роднай зямлі, клопат за яе стан падтрымліваюцца напружанай і актыўнай дзейнасцю душы.
Фарміраванне пачуццёвай сістэмы чалавека пачынаецца ў маленстве з назіранняў за навакольным асяроддзем, з успрымання яго хараства. Невялікая рэчка, безымянны ставок, вішнёвы сад ці куст бэзу ля хаты робяцца сімваламі роднага кута. З цягам часу, з сталеннем мы успрымаем увесь край – нашу Беларусь. І тады сінявокую Беларусь сімвалізуюць і Брэсцкая крэпасць, і Полацкая Сафія, і Мірскі замак, і зубр з сасною. Толькі нязменным сімвалам і родных мясцін, і усёй Беларусі застаецца родная мова.
Выкарыстаныя крыніцы:
Мой родны кут…” : зборнік метадычных матэрыялаў па патрыятычным выхаванні дзяцей дашкольнага ўзросту. У 2 ч. Частка. 1 / уклад. В.М. Цяленчанка. – Мазыр : ТАА ВД “Белы Вецер”, 2006.